БЕЛАРУ́СКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ ВАЙСКО́ЎЦАЎ
(БЗВ),
грамадскі добраахвотны рух, у якім незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, паліт. поглядаў і членства ў іншых рухах і партыях аб’ядноўваліся былыя вайскоўцы, а таксама калектыўныя члены — інш. грамадскія арг-цыі і паліт. партыі. Засн. 19—20.8.1991 у час жнівеньскіх падзей 1991. Устаноўчы з’езд адбыўся 12—13.10.1991 у Мінску. Мэты і задачы: садзейнічанне ажыццяўленню вайск. рэформы, абарона дэмакратыі і дзярж. суверэнітэту Беларусі, правоў бел. вайскоўцаў, выхаванне патрыятызму і нац. годнасці ў вайскоўцаў і шырокіх колаў грамадства. У сак. 1992 выступіла ініцыятарам і арганізатарам падпісання «Антыкрызіснага пагаднення супраць знешняй пагрозы суверэнітэту Рэспублікі Беларусь». 16.2.1994 Вярх. суд Рэспублікі Беларусь спыніў дзейнасць БЗВ за ахову забастоўкі рабочых у Мінску. 16.2.1994 створаны аргкамітэт патрыят. руху БЗВ, 10.3.1995 зарэгістраваны Патрыятычны рух БЗВ запасу асобаў у адстаўцы і інш. грамадзян.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)